З Сусветным днём настаўніка!

05.10.2022

Сусветны дзень настаўніка – прафесійнае свята ўсіх педагогаў, выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў. Гэты дзень закліканы прыцягнуць увагу да становішча педагогаў у сучасным грамадстве, іх ролі ў адукацыі і грамадскім развіцці.

5 кастрычніка 1966 года скліканая ЮНЕСКА і Міжнароднай арганізацыяй працы канферэнцыя прыняла першы міжнародны дакумент, які вызначыў умовы працы настаўніцтва, – Рэкамендацыю «Аб становішчы настаўнікаў». У ім замацоўваліся правы і абавязкі педагогаў і міжнародныя нормы, якія тычацца падрыхтоўкі настаўнікаў, павышэння іх кваліфікацыі, прыёму на працу і ўмоў працы. Афіцыйна Сусветны дзень настаўніка адзначаецца з 1994 года. Усталяванае прафесійнае свята дазваляе звярнуць увагу на поспехі ў педагагічнай працы, адзначыць заслугі лепшых спецыялістаў, а таксама акрэсліць праблемы педагогаў на нацыянальным і сусветным узроўнях.

Дзень настаўніка ўваходзіць у сістэму сусветных і міжнародных дзён ААН. Звыш за 100 дзяржаў адзначаюць гэта прафесійнае свята 5 кастрычніка. У нашай краіне, а таксама ў Латвіі, Украіне, Кыргызстане, Казахстане і Малдове Дзень настаўніка святкуецца ў першую нядзелю кастрычніка.

У жыцці кожнага з нас былі педагогі, якія дапамаглі нам стаць тымі, кім мы ёсць. Падзякуем нашым настаўнікам і ўсім педагогам за іх нялёгкую працу. За цярпенне і веру ў вучняў. За адданасць прафесіі.

 

 

Крыніца: Нацыянальны адукацыйны партал